ХАРЭ́ЗМСКАЯ НАРО́ДНАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (ХНСР),

савецкая дзяржава ў Сярэдняй Азіі на тэр. б. Хівінскага ханства ў 1920—24. Абвешчана 26.4.1920 1-м Усехівінскім з’ездам Саветаў. Тэр. каля 62,2 тыс. км², нас. больш за 600 тыс. чал. (узбекі, туркмены, каракалпакі, казахі і інш.). Сталіца — г. Хіва. Вышэйшы орган улады — Усехарэзмскі з’езд Саветаў. У вер. 1920 ХНСР заключыла саюзны дагавор і ваен.-паліт. пагадненне з РСФСР. Напачатку ўлада належала шырокаму блоку рэв.-дэмакр. сіл, захоўваліся прыватная ўласнасць на зямлю і сродкі вытв-сці, мусульм. суды і школы. У 1920 мясц. бальшавікі фармальна аб’ядналіся ў складзе Харэзмскай камуніст. партыі з бурж. рэфарматарамі-младахівінцамі, але ў 1921 адхілілі іх ад улады. Быў узяты курс на пабудову сацыялізму мінаючы капіталізм. Ліквідацыя буйнога землеўладання, саслоўяў і інш. феад. інстытутаў, націск на мусульм. духавенства выклікалі актывізацыю басмацтва. У кастр. 1923 ХНСР перайменавана ў Харэзмскую Сав. Сацыяліст. Рэспубліку, якая ў кастр. 1924 скасавана ў ходзе нацыянальна-дзяржаўнага размежавання савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі; тэр. ў 1924—36 увайшла ў склад Узбекістана і Туркменістана.

т. 16, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)